:

Аб выступленні Пастаяннага прадстаўніка Беларусі на 73-й сесіі Выканкама Праграмы Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў

12.10.2022 г.

12 кастрычніка 2022 г. Пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская выступіла ў ходзе агульных дэбатаў 73-й сесіі Выканаўчага камітэта Праграмы Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў.

Беларускі дыпламат канстатавала, што актуальная міжнародная сітуацыя не садзейнічае скарачэнню колькасці людзей, якія вымушаны перамяшчацца праз міжнародныя граніцы. Войны і канфлікты, стыхійныя бедствы, паглыбленне няроўнасці паміж краінамі вымушаюць вялізныя масы людзей пакідаць свае дамы.

Прадстаўніца Беларусі падкрэсліла, што палітыка шэрагу дзяржаў, якія выкарыстоўваюць санкцыі ў якасці палітычнага інструмента міждзяржаўных адносін, вядзе да глабальнага пагаршэння сітуацыі з харчовай бяспекай, асабліва ў найбольш бедных рэгіёнах свету, і ўплывае на рост колькасці бежанцаў.

Л.Бельская заявіла аб падтрымцы Беларуссю падыходаў, выказаных ў выступленні Вярхоўнага камісара Ф.Грандзі датычна недапушчальнасці вырашэння праблемы бежанцаў праз узвядзенне сцен, альбо шляхам адмовы ў доступе на тэрыторыю і гвалтоўнага выправаджэння тых, хто шукае прытулку; а таксама непрымальнасці выкарыстання расізма ў адносінах да бежанцаў.

Беларускі дыпламат адзначыла, што без належнага рэагавання на першапрычыны бежанства эфектыўна вырашаць гэтую праблему немагчыма. У гэтай сувязі яна нагадала дэлегатам аб прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па арганізацыі глабальнага дыялога па бяспецы, у рамках якога дзяржавы і, найперш, вялікія дзяржавы маглі б прыйсці да згоды адносна пабудовы канструктыўных міжнародных адносін.

Пастаянны прадстаўнік Беларусі інфармавала прысутных аб змяненнях беларускага заканадаўства, якія прадугледжваюць дадатковыя ільготы для бежанцаў з Украіны і іншых краін ў галіне працаўладкавання, адукацыі, медыцынскай дапамогі і пенсійнага забеспячэння.

Станоўча ацаніўшы ўклад УВКБ у вырашэнне праблем бежанцаў, Л.Бельская адзначыла, што толькі сумеснымі намаганнямі магчыма знаходзіць эфектыўныя рашэнні такіх комплексных праблем як абарона  і заахвочванне правоў бежанцаў.

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці