:

Аб пасяджэнні нефармальнай групы краін, якія далучаюцца да СГА, з удзелам Генеральнага дырэктара СГА

12.11.2021 г.

   12 лістапада 2021 года ў Жэневе пад старшынствам Пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў Жэневе Юрыя Амбразевіча прайшло чарговае пасяджэнне нефармальнай групы краін, якія далучаюцца да СГА.
У пасяджэнні прыняла ўдзел Генеральны дырэктар СГА Нгозі Аконджа-Івеала, якая праінфармавала дэлегацыі аб ходзе падрыхтоўкі да 12-й Міністэрскай канферэнцыі СГА, дасягненнях і актуальных тэндэнцыях у рабоце Арганізацыі.

   Генеральны дырэктар СГА запэўніла, што далейшае пашырэнне Арганізацыі працягвае заставацца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці СГА, і заклікала членаў групы падоўжыць актыўнае ўзаемадзеянне з членамі СГА па ўсіх перагаворных напрамках у рамках працэсу далучэння.

   Выступаючы ў нацыянальнай якасці, Юры Амбразевіч прыцягнуў увагу ўдзельнікаў пасяджэння да праблемы прымянення заходнімі краінамі аднабаковых прымусовых мер, якія не адпавядаюць міжнароднаму праву і падрываюць міжнародную гандлёвую сістэму. Такія неправамерныя дзеянні абмяжоўваюць магчымасці дзяржаў, якія знаходзяцца пад санкцыйным ціскам, ва ўстойлівым развіцці, парушаюць эканамічныя і сацыяльныя правы грамадзян гэтых дзяржаў. Юры Амбразевіч звярнуўся да Генеральнага дырэктара СГА з заклікам на ўзроўні Арганізацыі адрэагаваць на гэтую негатыўную міжнародную тэндэнцыю, прызнаўшы нелегітымны і шкодны характар санкцыйных мер.

   Беларускі прадстаўнік зазначыў, што далучэнне Беларусі да СГА адкрывае дарогу для афармлення членства Еўразійскага эканамічнага саюза ў Арганізацыі. Рэспубліка Беларусь пераканана, што ўстойлівае аднаўленне і развіццё непарыўна звязана з умацаваннем рэгіянальных інтэграцыйных аб'яднанняў і наладжвання супрацоўніцтва паміж імі. У сувязі з гэтым далучэнне ЕАЭС да СГА, як саюза, які ўяўляе сабой буйны рынак, які функцыянуе па адзіных правілах, магло б стаць значнай вяхой для развіцця рэгіянальнага вымярэння ў Арганізацыі.

   Дэлегацыі абмяняліся думкамі аб чаканнях ад Міністэрскай канферэнцыі і асаблівасцях прасоўвання перагавораў па далучэнні да СГА ва ўмовах пандэміі COVID-19. У ходзе дыскусіі была падкрэслена важнасць уключэння краін, якія далучаюцца да СГА, у шматбаковае ўзаемадзеянне ў рамках СГА, якое мае каштоўнасць не толькі як сродак прасоўвання перагавораў па далучэнні, але і як магчымасць унесці свой уклад у работу Арганізацыі.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці