:

Выступленне намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ю.Амбразевіча на Сегменце высокага ўзроўню 52-й сесіі Савета ААН па правах чалавека

02.03.2023 г.

52-я сесія
Савета ААН па правах чалавека
Сегмент высокага ўзроўню
Выступленне намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Юрыя Амбразевіча

1 сакавіка 2023 года


Паважаная спадарыня віцэ-старшыня,
Паважаныя калегі,

Давайце ўспомнім, што Савет ААН па правах чалавека ствараўся ў мэтах забеспячэння міжнароднага супрацоўніцтва, накіраванага на ўдасканаленне практыкі прымянення канцэпцыі правоў чалавека ў нацыянальных дзяржавах.

СПЧ як дапаможны орган Генеральнай асамблеі паводле вызначэння не можа парушаць сэнс існавання ААН. Статут ААН абвяшчае, што мэтай Арганізацыі з'яўляецца развіццё дружалюбных адносін паміж нацыямі на аснове павагі прынцыпу раўнапраўя і суверэннай роўнасці дзяржаў.

Ці служыць гэтай высакароднай мэце цяперашні Савет па правах чалавека? Аб'ектыўны адказ можа быць толькі негатыўным.

Бо бягучая дыскусія ў СПЧ з усёй відавочнасцю дэманструе не проста адсутнасць супрацоўніцтва, але антаганізм пунктаў гледжання адносна ступені рэалізацыі на практыцы дакументаў, якія замацавалі ў міжнароднай палітыцы канцэпцыю правоў чалавека.

Пагаджуся, што ў дыскусіі раўнапраўных удзельнікаў могуць быць супрацьлеглыя пазіцыі.

Але я не пагаджуся, што па выніках дыскусіі, у якой раўнапраўныя бакі так і не дайшлі да згоды, пазіцыя кагосці адного з удзельнікаў спрэчкі ўсё ж такі прызнаецца адзіна правільнай, насуперак волі адкрытай нязгоды меншасці.

Як мінімум, такая сітуацыя прымушае ўсумніцца ў выкананні прынцыпу раўнапраўя і паставіць пад пытанне справядлівасць усяго працэсу.

Такая сітуацыя красамоўна сведчыць аб гатоўнасці аб'яўленага пераможцы пагарджаць меркаваннем сваіх супернікаў, аб яго гатоўнасці паставіць сябе вышэй за іншых спрэчнікаў. Больш за тое, гэта сведчыць аб намеры прысвоіць сабе права на канчатковую ісціну і выдаваць яе за агульнае меркаванне пры дапамозе выкарыстання дамінуючага становішча як у спрэчцы, так і па-за яе рамкамі.

Апісаная карціна цалкам адпавядае сітуацыі ў нашым Савеце. Пры гэтым настойлівасць, з якою пэўная група краін навязвае ўсім свой погляд на іерархію правоў чалавека на карысць безумоўнага вяршэнства індывідуальных грамадзянска-палітычных правоў і свабод, параўнальная хіба што з рэлігійнай фанатычнасцю ўдзельнікаў крыжовых паходаў і супастаўная з верай у перавагу арыйскай нацыі.

Як крыжакі змагаліся з нявернымі, упэўненыя ў сваёй поўнай рацыі, выкарыстоўваючы для гэтага меч і дзіду, так і сёння некаторыя краіны насуперак меркаванню іншых прысвоілі сабе права на выключнасць і гатовы ацэньваць і асуджаць, аб'яўляць адсталымі і парушальнікамі, патрабаваць іх пакарання, выкарыстоўваючы для гэтага Савет і канцэпцыю правоў чалавека.

Лёс большасці крыжакоў сумны, а адэптаў расавай перавагі трагічны і злачынны. І тыя і іншыя атрымалі годны адпор ад нязгодных, якіх як ні спрабавалі пакараць ці знішчыць.

Выснова напрошваецца сама сабой – навязванае пэўнай групай краін усёй міжнароднай супольнасці нібыта адзіна дакладнае бачанне правоў чалавека глыбока канфліктнае і служыць не задачы супрацоўніцтва, але раз'ядноўвае яго ўдзельнікаў. СПЧ стаў не часткай рашэння, але праблемай. Асабліва гэта стала відавочна, калі з яго шэрагаў сталі выключаць за іншадумства.

Як доўга нязгодныя краіны будуць цярпець гэта? Бо наступствы дзеянняў Савета нярэдка маюць уплыў на іх развіццё. Рашэнні Савета становяцца падставай для эканамічных абмежаванняў у адносінах да дзяржаў, аб'яўленых парушальнікамі.

З усёй адказнасцю заяўляю, што ніхто не зможа пераканаць беларускую дэлегацыю ў тым, што сітуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне настолькі горшая, чым у нейкай іншай, што патрабуе пільнага разгляду ў СПЧ. Ніхто не дасканалы, і Беларусь не выключэнне, але аб'ектыўных крытэрыяў для такога параўнання і, тым больш, для юрыдычнай ацэнкі не існуе. Усе ўдзельнікі ААН адначасова раўнапраўныя і адначасова розныя.

У гэтым кантэксце дазволю ўсумніцца ў тым, што тэматыка правоў чалавека зможа застацца на парадку міжнароднага супрацоўніцтва і стаць часткай будучай міжнароднай архітэктуры, якая рана ці позна зменіць існуючую і будзе абслугоўваць новую сістэму глабальнай бяспекі. Калі пазіцыя адэптаў ліберальнай дэмакратыі не зменіцца, то правы чалавека будуць зрынуты з пастамента, куды іх узнеслі пераможцы ў Халоднай вайне, паколькі іх дамінаванне ў свеце знаходзіцца пад вельмі сур'ёзным пытаннем.

Адбудзецца, як я ўжо аднойчы казаў, дэінстытуцыялізацыя і дэсакралізацыя канцэпцыі правоў чалавека ў міжнародных адносінах. Шмат хто скажа, што гэтага не можа быць, таму што гэтага не можа быць ніколі. Аднак бягучы крызіс у сферы глабальнай бяспекі вучыць нас сумнявацца ў самых непарушных пастулатах.

У чым усё ж такі ўпэўненыя ў Беларусі, дык гэта ў тым, што аднабаковыя эканамічныя абмежаванні і забароны, якія ўводзяцца ЗША і іх саюзнікамі супраць нашай краіны, найгрубейшым чынам парушаюць тыя самыя папяровыя версіі дакументаў аб правах чалавека.

Няма магчымасцяў развіцця – няма і магчымасці рэалізацыі правоў чалавека. У крызіс, ва ўмовах жорсткага знешняга ціску і іншых узнікаючых выклікаў, калі трэба задавальняць патрэбы людзей, калі трэба забяспечваць парадак, а дзяржаўны апарат абмежаваны ў рэсурсах і ў механізмах кіравання, грамадства імкнецца да кансалідацыі і патрабуе цвёрдай улады.

Калі прытрымлівацца логікі ліберальных дэмакратаў, то правачалавечы падыход павінен прымяняцца літаральна ўсюды, нават у кіраванні працэсам сартавання адходаў.

Тады беларуская пазіцыя аб парушэнні Захадам правоў чалавека ілюструецца яшчэ лягчэй.

Відавочна, што забарона ўрада Літвы на транзіт беларускіх угнаенняў па літоўскай тэрыторыі да марскіх портаў пазбаўляе сотні мільёнаў простых людзей у найменш развітых краінах права на жыццё без галечы і голаду.

Абмежаванні Польшчы на перасячэнне мяжы з Беларуссю з'яўляюцца парушэннем права на працу для дзясяткаў тысяч перавозчыкаў – грамадзян Польшчы, Казахстана, Турцыі, Беларусі і іншых краін.

Уведзеная ЗША і краінамі Еўрасаюзу забарона на авіязносіны з Беларуссю парушае правы мільёнаў чалавек па ўсім свеце на свабоду перамяшчэння.

Забарона на ўдзел беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах парушае іх правы на абарону ад дыскрымінацыі на падставе грамадзянства або свабоды меркаванняў.

Забарона на прагляд тэлеканалаў з пэўнай краіны складае парушэнне правоў сотняў мільёнаў еўрапейцаў і амерыканцаў на доступ да інфармацыі і на свабоду меркаванняў і перакананняў.

Задумайцеся над гэтым, паважаныя члены Савета, калі чыноўнікі УВКПЧ ці нехта іншы будуць спрабаваць даказаць вам, як жудасна жыць у Беларусі. А лепей прыязджайце да нас і паглядзіце самі. Вясна – лепшы час для наведвання маёй краіны.

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці