Аб удзеле дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у 76-й сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя
23.05.2023 г.21-30 мая 2023 г. у г.Жэневе праходзіць 76-я сесія Сусветнай асамблеі аховы здароўя (САЗ-76). У рабоце форуму прымае ўдзел дэлегацыя Рэспублікі Беларусь.
У выступленні на пленарным пасяджэнні САЗ-76 Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Л.Бельская адзначыла канструктыўную ролю супрацоўніцтва Беларусі і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя для ўмацавання патэнцыялу нацыянальнай сістэмы аховы здароўя.
У выступленні былі акцэнтаваны дасягненні Беларусі ў галіне імунізацыі, транспланталогіі, прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў. У пазітыўным ключы адзначана супрацоўніцтва з прадстаўніцтвам СААЗ у Мінску па прасоўванні праекта «Здаровыя гарады», а таксама тэхнічная і кансультатыўная дапамога СААЗ, Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй, ЮНЭЙДС, Патэнтнага пула лекавых сродкаў, арыентаваная на прыярытэтныя для насельніцтва Беларусі праекты.
Пастпрэд падкрэсліла, што беларуская дзяржава на бязаплатнай аснове забяспечвае ўсеагульны доступ да паслуг аховы здароўя, лекавых сродкаў, вакцынаў.
Адначасова Л.Бельская прыцягнула ўвагу Асамблеі да санкцыйнай палітыкі групы дзяржаў, якая стварае пагрозу для належнага і своечасовага забеспячэння неабходнымі прэпаратамі, у якіх маецца найбольшая патрэба. Прадстаўнік Беларусі заклікала СААЗ трымаць гэтую праблему ў фокусе ўвагі і актыўна супрацьдзейнічаць незаконным санкцыям. Нядаўняе закрыццё з палітычных матываў маскоўскага офіса СААЗ па неінфекцыйных захворваннях беларускі дыпламат ахарактарызавала як прыклад палітызацыі, непрымальнай для дзейнасці спецыялізаванай міжнароднай арганізацыі гуманітарнай скіраванасці.