:

Міжнародная арганізацыя працы

Міжнародная арганізацыя працы (МАП) – спецыялізаваная ўстанова сістэмы ААН, дзейнасць якой накіравана на развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы працы, садзейнічанне забеспячэнню дастойнай працы і абарону працоўных правоў.

Да асноўных напрамкаў дзейнасці МАП адносяцца:

• распрацоўка міжнароднай палітыкі і праграм у сацыяльна-працоўнай сферы;

• устанаўленне міжнародных працоўных стандартаў шляхам прыняцця канвенцый і рэкамендацый, а таксама ажыццяўленне кантролю за іх выкананнем;

• аказанне садзейнічання дзяржавам-членам ва ўдасканаленні працоўнага заканадаўства і рэгуляванні рынку працы;

• абарона асноўных працоўных правоў, у тым ліку права на працу, свабоды аб'яднання, права на вядзенне калектыўных перамоў, абароны ад прымусовай працы і дыскрымінацыі;

•правядзенне даследаванняў і падрыхтоўка аналітычных матэрыялаў па пытаннях працы і занятасці.

Дзейнасць МАП заснавана на прынцыпе трыпартызму, які прадугледжвае ўдзел у прыняцці рашэнняў прадстаўнікоў трох бакоў сацыяльнага партнёрства: урадаў, арганізацый работнікаў (прафсаюзаў) і арганізацый работадаўцаў.

З моманту заснавання ў 1919 годзе МАП прыняла 190 канвенцый і больш за 200 рэкамендацый, якія рэгулююць розныя аспекты сацыяльна-працоўных адносін.

Вышэйшым органам МАП з'яўляецца Міжнародная канферэнцыя працы, якая склікаецца штогод. Канферэнцыя разглядае актуальныя пытанні міжнароднай палітыкі ў сферы працы і прымае міжнародныя працоўныя нормы.

Кіраўніцтва дзейнасцю Арганізацыі ў перыяд паміж сесіямі Канферэнцыі ажыццяўляе Адміністрацыйная рада МАП. Функцыі сакратарыята выконвае Міжнароднае бюро працы.

Рэспубліка Беларусь з'яўляецца членам МАП з 1954 года. Беларусь ратыфікавала 51 канвенцыю МАП, у тым ліку ўсе 8 асноўных канвенцый.

Членства ў МАП спрыяе выкарыстанню міжнароднага вопыту ў сферы рэгулявання сацыяльна-працоўных адносін, развіццю сістэмы сацыяльнага партнёрства паміж дзяржавай, работнікамі і работадаўцамі, удасканаленню працоўнага заканадаўства і механізмаў рэгулявання занятасці.
Узаемадзеянне з МАП таксама накіравана на ўкараненне міжнародных падыходаў да развіцця рынку працы, павышэнне эфектыўнасці занятасці насельніцтва і ўдасканаленне ўмоў ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці.

Каардынацыю ўзаемадзеяння Беларусі з МАП ажыццяўляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

У цяперашні час тэхнічнае супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з МАП прыпынена.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці