:

Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца

Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца – міжнародны гуманітарны рух, заснаваны ў 1863 годзе, які аб’ядноўвае больш за 17 мільёнаў супрацоўнікаў і добраахвотнікаў (валанцёраў) па ўсім свеце. Рух лічыць сваёй галоўнай мэтай «Дапамагаць усім пакутуючым без якога-небудзь неспрыяльнага адрознення, спрыяючы тым самым усталяванню міру на Зямлі».

Складовыя часткі Міжнароднага Чырвонага Крыжа:

Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (МКЧК);
Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФЧК);
нацыянальныя таварыствы Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Галоўным кіруючым органам Руху з’яўляецца Міжнародная канферэнцыя Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, якая праводзіцца, як правіла, раз на 4 гады.

Адной са значных абласцей дзейнасці Руху з’яўляецца міжнароднае гуманітарнае права (МГП), якое рэгулюе прынцыпы і правілы, што датычацца сродкаў і метадаў вядзення ваенных дзеянняў, а таксама гуманітарнай абароны грамадзянскага насельніцтва, хворых і параненых ваеннаслужачых, а таксама ваеннапалонных.

Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай усіх ключавых міжнародных дагавораў у галіне МГП, прымае актыўны ўдзел у разглядзе пытанняў умацавання і распаўсюджвання ведаў аб МГП. На нацыянальным узроўні створана Камісія па імплементацыі міжнароднага гуманітарнага права пры Савеце Міністраў пад старшынствам Міністра юстыцыі.

7–9 лістапада 2017 г. Прэзідэнт Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа Петэр Маўрэр наведаў Беларусь з рабочым візітам. Гэты візіт стаў першым у гісторыі супрацоўніцтва паміж Беларуссю і МКЧК.

У рамках візіту адбылася сустрэча Петэра Маўрэра з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнка, у ходзе якой абмеркаваны стан і перспектывы супрацоўніцтва, адзначана ўзаемная зацікаўленасць ва ўмацаванні ўзаемадзеяння. А.Лукашэнка адзначыў, што Беларусь заўсёды будзе падтрымліваць дзейнасць гуманітарных арганізацый, а візіт і планаванае адкрыццё офіса МКЧК у Беларусі стануць пачаткам новага этапу супрацоўніцтва. П.Маўрэр даў высокую ацэнку гуманітарнай і міратворчай дзейнасці Беларусі, падзякаваў за падтрымку, якая аказваецца камітэту, а таксама выказаў надзею на тое, што Беларусь можа стаць правадніком пашырэння гуманітарнай дзейнасці на рэгіянальным узроўні.

З 2018 года ў Мінску дзейнічае Дэлегацыя МКЧК у Беларусі, якая адкрыта на падставе Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа аб статусе, прывілеях і імунітэтах Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа ў Рэспубліцы Беларусь.

Асноўным напрамкам узаемадзеяння беларускага боку з МКЧК застаецца прыцягненне дапамогі ў адрас Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК) для рэалізацыі гуманітарных праектаў. У цяперашні час актуальна забеспячэнне абменаў ваеннапалоннымі, аказанне дапамогі пацярпелым, перамешчаным асобам у ходзе ўзброенага канфлікту ва Украіне.

Прадстаўнікі МКЧК рэгулярна прымаюць удзел у штогадовых Мінскіх канферэнцыях па еўразійскай бяспецы. У 2024 годзе МКЧК таксама ўдзельнічаў у Міжнароднай канферэнцыі па процідзеянні нелегальнай міграцыі.

У верасні 2024 г. у Нью-Ёрку адбылася сустрэча Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Максіма Рыжанкова з Прэзідэнтам МКЧК Мір’янай Спалярыч-Эгер.

У лістападзе 2025 г. намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Сякрэта правёў перамовы з дырэктарам Еўрапейскага рэгіянальнага офіса МФЧК Біргітай Бішоф Эбесен у Жэневе, а ў ліпені 2026 г. прыняў Віцэ-прэзідэнта МФЧК, члена Савета Швейцарскага Чырвонага Крыжа Мануэля Бэслера, які знаходзіўся ў Беларусі з рабочым візітам.

Рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца рэалізуе ў Беларусі гуманітарныя праекты ў галіне аховы здароўя, адукацыі, нейтралізацыі наступстваў надзвычайных сітуацый, падтрымкі ўразлівых катэгорый насельніцтва.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці