:

Выступленне Л.Бельскай на 76-я сесіі Сусветнай Асамблеі аховы здароўя

23.05.2023 г.

76-я сесія Сусветнай Асамблеі аховы здароўя
Агульная дыскусія

Выступленне Ларысы Бельскай,
Пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь
пры Аддзяленні ААН у Жэневе
23 мая 2023 года

Спадар старшыня,
Паважаныя дэлегаты,

Ад імя Рэспублікі Беларусь шчыра вітаю ўсіх удзельнікаў 76-й сесіі Сусветнай Асамблеі аховы здароўя і віншую з 75-годдзем Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Ажыццяўленне канцэпцыі «Здароўе для ўсіх», замацаванай у Статуце СААЗ 75 гадоў таму, застаецца галоўнай мэтай дзейнасці арганізацыі. Сёння гэтая канцэпцыя — важны інструмент дасягнення Мэтаў у галіне ўстойлівага развіцця (МУР), звязаных са здароўем чалавека і ўстойлівасцю нацыянальных сістэм аховы здароўя. Беларусь як паўнапраўны член СААЗ адданая супрацоўніцтву з СААЗ, якая ўносіць вялікі ўклад у глабальную ахову здароўя і знаходзіцца на перадавой лініі барацьбы з надзвычайнымі сітуацыямі ў галіне аховы здароўя. Супрацоўніцтва Беларусі з СААЗ і яе Еўрапейскім рэгіянальным бюро мае маштабны і канструктыўны характар, спрыяаючы ўмацаванню нацыянальнага патэнцыялу.

Сёння Беларусь мае адны з найлепшых паказчыкаў у свеце па шэрагу параметраў работы сістэмы аховы здароўя.

Наша краіна ўваходзіць у лік 50 найлепшых краін паводле вядзення цяжарнасці і арганізацыі родаў.

Дзякуючы эфектыўнай праграме імунізацыі дзяцей мы дамагліся спынення перадачы гепатыту В сярод дзяцей да 5 гадоў. Міністэрству аховы здароўя Беларусі нядаўна ўручаны адпаведны сертыфікат СААЗ. Гэты вынік садзейнічае дасягненню мэты па элімінацыі вірусных гепатытаў ва ўсім еўрапейскім рэгіёне.

Паводле колькасці трансплантацый органаў на 1 млн. насельніцтва Беларусь апярэджвае многія развітыя краіны.

Ахова здароўя Беларусі дастойна прайшла выпрабаванне пандэміяй.

Больш за 150 тыс. замежных пацыентаў, у тым ліку дзяцей, са 100 краін штогод прыязджаюць у Беларусь на лячэнне і аздараўленне.

Ва ўмовах узмоцненай нагрузкі на сістэму аховы здароўя беларуская дзяржава на бязаплатнай аснове забяспечвае ўсеагульны доступ да паслуг аховы здароўя, лекавых сродкаў, вакцын і вырабаў медыцынскага прызначэння.

Разам з тым, не магу не адзначыць, што нарошчванне маштабнай санкцыйнай палітыкі групай дзяржаў можа стварыць рэальную пагрозу для забеспячэння неабходнымі прэпаратамі. Аб негатыўным уплыве санкцый на найбольш уразлівых і пагаршэнне паказчыкаў здароўя ў Венесуэле, Іране, Кубе, Сірыі добра вядома. Важна, каб СААЗ трымала гэтую праблему ў фокусе ўвагі і не толькі дапамагала нівеляваць цяжкія гуманітарныя наступствы незаконнай санкцыйнай палітыкі, але і актыўна ёй супрацьдзейнічала.

Выклікае занепакоенасць закрыццё з палітычных матываў маскоўскага офіса СААЗ па НІЗ. Гэта прыклад палітызацыі дзейнасці, непрымальнай для спецыялізаванай міжнароднай арганізацыі гуманітарнай скіраванасці.

Спадар старшыня,

Беларусь імкнецца да таго, каб здаровы лад жыцця стаў візітнай карткай краіны. Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў і фактараў рызыкі іх узнікнення ажыццяўляецца ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021-2025 гады.

Мы ўдзячныя СААЗ і яе прадстаўніцтву ў Мінску за падтрымку праекта «Здаровыя гарады», які ахапіў дзясяткі населеных пунктаў Беларусі.

Таксама ўдзячныя за тэхнічную і кансультатыўную дапамогу СААЗ у сумесных праектах з Глабальным фондам, ЮНЭЙДС, Патэнтным пулам лекавых сродкаў і шэрагам міжнародных партнёрстваў у галіне аховы здароўя.

У завяршэнне хачу падзякаваць Генеральнаму дырэктару СААЗ за ўсёабдымны даклад і запэўніць, што Беларусь адданая супрацоўніцтву, мае намер канструктыўна ўдзельнічаць у перагаворах па пагадненню аб пандэміі і ўсяляк садзейнічаць выпрацоўцы рашэнняў, накіраваных на ўмацаванне глабальнай аховы здароўя.

Дзякуй за ўвагу.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці