Міжнародная арганізацыя па міграцыі
Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ) з'яўляецца асноўнай міжурадавай установай у галіне міграцыі, якая была заснавана ў 1951 годзе. Налічвае 173 дзяржавы-сябра, яшчэ некаторыя дзяржавы маюць статус назіральнікаў. МАМ працуе у больш чым 100 краінах свету. З лiпеня 2018 года Генеральным дырэктарам МАМ з'яўляецца Антонiо Вiтарына.
МАМ працуе ў чатырох асноўных галінах кіравання міграцыяй: міграцыя і развіццё, садзейнічанне міграцыі, рэгуляванне міграцыі, вымушаная міграцыя. Комплексныя мерапрыемствы па дадзеных накірунках уключаюць у сябе ўдасканаленне міжнароднага заканадаўства ў галіне міграцыі, абмеркаванне і дапамога ў распрацоўцы стратэгіі, абарону правоў мігрантаў, здароўе мігрантаў, а таксама гендэрную ацэнку міграцыі.
МАМ выконвае важную ролю ў рэалізацыі Парадку дня ААН у галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года і ў кантэксце глабальнага пагаднення па мігрантах.
Супрацоўніцтва з Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Беларусь удзельнічае ў рабоце Міжнароднай арганізацыі па міграцыі з 1994 года. У 1999 годзе ратыфікавана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі. 29 лістапада 2005 года на 90-й сесіі Савета МАМ Беларусь стала паўнапраўным членам гэтай арганізацыі.
У снежні 1996 года ў Мінску было адкрыта Прадстаўніцтва МАМ. Кіраўніцтва МАМ наведвала Беларусь з візітамі ў 2004, 2005, 2007, 2008 і 2009 гадах для абмеркавання стану і перспектыў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і МАМ.
Каардынатарам супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі з'яўляецца Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
У апошнія гады пашырылася праектная дзейнасць МАМ у Беларусі. Міжнародная арганізацыя па міграцыі надае асаблівую ўвагу рэалізацыі ў Беларусі праектаў, накіраваных на процідзеянне гандлю людзьмі, ўладкаванне межаў, развіццё трансгранічнага супрацоўніцтва, удасканаленне нацыянальнай нарматыўна-прававой базы ў галіне міграцыі.
У рамках праектаў тэхнічнай дапамогі ў сферы барацьбы з гандлем людзьмі МАМ аказвае рэінтаграцыйную дапамогу ахвярам гандлю людзьмі, медыцынскую, псіхалагічную, фінансавую дапамогу, аплачвае юрыдычныя паслугі і навучанне на спецыялізаваных курсах і інш.
Пры фінансавай падтрымцы Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі ў 2007 годзе адкрыты і паспяхова функцыянуе Міжнародны навучальны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі ў Мінску. На базе Цэнтра з прыцягненнем замежных спецыялістаў праходзяць навучанне прадстаўнікі нацыянальных і замежных праваахоўных структур.
МАМ паслядоўна падтрымлівае намаганні Беларусі па пытаннях антытрафікінгавага парадку дня ў ААН, у тым ліку ў кантэксце Глабальнага плана дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі. МАМ выступае асноўным суарганізатарам буйных міжнародных канферэнцый ў Мінску, прысвечаных праблемам барацьбы з гандлем людзьмі і нелегальнай міграцыяй.